САЮ́З ЛЕСАПРАМЫСЛО́ЎЦАЎ ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНЯГА КРА́Ю,
рэгіянальнае манапалістычнае аб’яднанне лесапрамыслоўцаў у Рас. імперыі ў пач. 20 ст. Створаны з мэтай процідзеяння спробам Саюза ўсх.-прускіх лесагандляроў і лесапрамыслоўцаў навязаць рас. лесаэкспарцёрам свае ўмовы экспарту лесу ў Германію. Саюз прадстаўляў інтарэсы лесапрамыслоўцаў Арлоўскай, Валынскай, Віленскай, Гродзенскай, Кіеўскай, Ковенскай, Мінскай, Магілёўскай і інш. губ., якія гандлявалі лесам і ляснымі матэрыяламі і транспартавалі іх па Вісле і Нёмане ў Кёнігсберг, Данцыг, Мемель, Бромберг і Торн (Германія). У 1909 аб’ём экспартных паставак саюза быў больш як на 30 млн. руб. Для абароны сваіх інтарэсаў перад герм. лесаімпартнымі арг-цыямі саюз выступаў за ўсталяванне спец. гавані ў Юрбургу, заснаванне ін-та прысяжных мершчыкаў, нарміраванне экспарту для Паўн.-Зах. краю. Саюз вёў перагаворы пра аб’яднанне з інш. рэгіянальнымі арг-цыямі (напр., Саюзам лесапрамыслоўцаў Віцебскай губ.) і стварэнне ўсерас. манапаліст. аб’яднання.
Літ.:
Довнар-Запольский М.В. Народное хозяйство Белоруссии, 1861—1914 гг. Мн., 1926.
В.В.Сяховіч.
т. 14, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)